Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Вам стоит это увидеть

АДУКАЦЫЙНЫЯ МАРШРУТЫ МАЁЙ МАЛОЙ РАДЗІМЫ

 

«КРАЙ ГЕРАІЧНЫ – КРАЙ БЫЛІННЫ»

Складальнікі: экскурсаводы музея імя Яна Чачота Дзяржаўнай установы адукацыі«Навучальна-педагагічны комплекс Цешаўлянская дзіцячы сад-сярэдняя школа Баранавіцкага раёна» 

Кіраўнікі: экскурсійнага маршрута № 1 Ваўчэцкая Ірына Мікалаеўна, настаўнік пачатковых класаў, кіраўнік школьнага музею;

экскурсійнага маршрута № 2 Скачынская Вера Антонаўна, настаўнік пачатковых класаў

ЭКСКУРСІЙНЫ МАРШРУТ № 1

 

«Ніхто не забыты, нішто не забыта»

Мэта: садзейнічацьфарміраванню ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычных якасцяў праз знаёмства з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі роднага краю.

Задачы: захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне з апорай на гістарычнае мінулае мясцовасці, шляхам арганізацыі экскурсіі па памятным месцам былога Цешаўлянскага сельскага выканкама;

фарміраваць маральна-культурныя і патрыятычныя якасці праз знаёмства з гераічным мінулым землякоў-партызан і воінаў-чырвонаармейцаў падчас вызвалення вёсак Цешаўля, Люшнева, Шпакоўцы, пасёлка Першамайскі;

фарміраваць каштоўнасныя адносіны да гісторыка-культурных помнікаў і мемарыялаў памяці на тэрыторыі былога Цешаўлянскага сельскага выканкама, павагу і гонар за гісторыка-культурную спадчыну.

Тып экскурсіі: гісторыка-краязнаўчы

Від экскурсіі: аўтобусна-пешаходны

Працягласць экскурсіі: 2 гадзіны

Працягласць маршруту: 17 км

Узрост удзельнікаў экскурсій: 14-16 гадоў

Маршрут сязонны– вясна, лета, восень.

Нітка маршруту – в. Цешаўля, Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Навучальна-педагагічны комплекс Цешаўлянская дзіцячы сад-сярэдняя школа» – в. Люшнева, брацкая магіла – пас. Першамайскі, брацкая магіла – в. Цешаўля, Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Навучальна-педагагічны комплекс Цешаўлянская дзіцячы сад-сярэдняя школа».

Месца сустрэчы: ДУА «НПК Цешаўлянская дзіцячы сад-сярэдняя школа Баранавіцкага раёна» (в. Цешаўля вул. Чакмянёва 138 б, Брэсцкай вобласці, Баранавіцкага раёна)

Распрацоўка маршрута прадугледжвае мэту захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне з апорай на гістарычнае мінулае мясцовасці, шляхам арганізацыі экскурсіі па памятным месцам былога Цешаўлянскага сельскага выканкама.

 Кароткі план экскурсіі:

  1. Экскурсія па школьным музеі Яна Чачота з акцэнтам на подзвіг Героя Савецкага Саюза Рыгора Анатольевіча Чакмянёва (10 хвілін);
  2. Знаёмства са «Сцяной памяці» на першым паверсе будынка школы (10 хвілін);
  3. Расповед аб партызанскім руху на тэрыторыі былога Цешаўлянскага сельскага выканкама (памятная дошка на будынку школы (10 хвілін);
  4. «Дзякуй вам, землякі». Гісторыя стварэння абеліска воінам-землякам, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны (ускладанне кветак да абеліска; (10 хвілін);
  5. Выезд на аўтобусе ў в. Люшнева (15 хвілін);
  6. Аповед аб гісторыі помніка і памятных плітах з імёнамі загінуўшых (ускладанне кветак;10 хвілін);
  7. Выезд на аўтобусе ў пас. Першамайскі (20 хвілін);
  8.  «Успомнім іх паймённа». Гісторыя стварэння помніка. (ускладанне кветак; 10 хвілін);
  9. Зваротны шлях да будынка школы. Шыльда ў пачату вул. Чакмянёва. (10 хвілін).

Спіс аб’ектаў экскурсіі:

  • в. Цешаўля (школьны музей імя Яна Чачота, «Сцяна памяці», абеліск, шыльда на будынку школы, шыльда ў пачатку вул. Чакмянёва);
  •  в. Люшнева (брацкая магіла землякоў і вызваліцеляў);
  • пас. Першамайскі (брацкая магіла загінуўшых воінаў і партызан) 

 

Змест экскурсійнага маршруту

«Ніхто не забыты – нішто не забыта»

Вёска Цешаўля:

Школьны музей

Пасля адкрыцця ў1972 г. Цешаўлянскай сярэдняй школы тут пачаў дзейнічаць ваенна-патрыятычны гурток «Пошук», якім кіравала настаўнік гісторыі, заслужаны настаўнік БССР Сімаковіч Кацярына Іосіфаўна.

Удзельнікі ваенна-патрыятычнага гуртка «Пошук» арганізоўвалі лекцыі, даклады, праводзілі гутаркі з малодшымі школьнікамі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы. Вынікі ўсіх даследаванняў і пошукаў былі размешчаны ў фае на першым паверсе школы. Там была створана Зала баявой і працоўнай славы.Былі сабраны матэрыялы і аформлены сем стэндаў, у тым ліку стэнды «Подзвігі герояў бессмяротныя» (аб нашых земляках, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны), «Нашы землякі – партызаны атрада імя Суворава» і інш. Следапыты пад кіраўніцтвам штаба адшукалі родзічаў васьмі воінаў, што загінулі пры вызваленні нашай вёскі. Усталявалі цесную сувязь з жонкай Героя Савецкага Саюза Р.А. Чакмянёва, якая на той час пражывала ў г. Сочы. Зала баявой і працоўнай славы доўгія гады выконвала ролю значнага асяродка па выхаванню пачуцця патрыятызму ў падрастаючага пакалення мікрараёну школы. Яе наведвалі бацькі вучняў, а таксама піянеры і школьнікі многіх іншых школ па накіраванні гарадской і раённай турбаз.

Новы этап работы пачаўся ў кастрычніку 1997 года, калі на базе матэрыялаў Залы быў створаны музей імя Яна Чачота.

Ён быў адкрыты па ініцыятыве дырэктара школы Дубейка Васіля Міхайлавіча на падставе рашэння педагагічнага савета 04.10.1997, загад № 87.

Экспазіцыя музея змяшчае 10 раздзелаў, якія закранаюць розныя тэмы як з гісторыі нашага краю, так і з гісторыі беларускай літаратуры і навукі.


Работа гуртка «Пошук» аднавілася. Вучні ўдакладнілі спісы ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і сем’яў загінуўшых,пастаянна ўдзельнічалі ў паходах і экскурсіях: наведвалі Брэсцкую крэпасць-герой, горад-герой Мінск, Хатынь, Курган Славы, прайшлі па памятных мясцінах нашага раёна. Матэрыялы паходаў афармляліся ў альбомы.

Некаторыя матэрыялы гурток атрымаў з ваенных архіваў. Неаднаразовыя звароты ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны СССР у Падольску давалі магчымасцьатрымаць каштоўныя матэрыялы па ўдакладненню біяграфічных звестак Р.А.Чакмянёва і яго баявых сяброў. Для гэтага былі адпраўлены пісьмы родным і блізкім воінаў. З гэтай жа мэтай было напісана пісьмо ў рэдакцыю тэлеперадачы «Жди меня» на старонку «История одного памятника» і ў дзіцячы часопіс «Юный спасатель».

Працягваючы лепшыя традыцыі, у музеі ладзяцца сустрэчы з ветэранамі і падпольшчыкамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-інтэрнацыялістамі, адбываецца прыём у акцябраты і піянеры. Сабраны багаты матэрыял выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы выхаваўчых гадзін, урокаў і розных пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў.

На базе музея была наладжана выстава экспазіцыя прысвечаная В. Быкаву (музей беларускай літаратуры у г. Мінску). Але галоўнай застаецца работа па краязнаўству нашага мікрараёна.

Сын Стаўрапольскага краю.

Значнае месца ў экспазіцыі музея адведзена подзвігу герояў-землякоў, якія мужна змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Прайшла вайна… Каторы год
Пад мiрным небам прачынаецца Айчына,
Але нiколi не забудзе наш народ –
Забыцца пра такое немагчыма…

Цэнтральнае месца дадзенай экспазіцыі займае матэрыял пра Героя Савецкага Саюза Рыгора Анатольевіча Чакмянёва, уражэнца Стаўрапольскага краю, які на досвітку 8 ліпеня 1944 года, утрымліваючы захопленыя ў немцаў пазіцыі паблізу вёскі Цешаўля, па-геройску загінуў.

Рыгор Анатольевіч Чакмянёў нарадзіўся ў 1916 г. Да вайны сям’я Чакмянёвых пражывала ў сельгас-прадпрыемстве «Овцевод» Куганскага раёна Стаўрапольскага краю. У дзяцінстве не стала бацькі Рыгора, таму ён з маленства пазнаў нялёгкае жыццё, напоўненае штодзённымі клопатамі аб выжыванні сям’і.

З ранняга дзяцінства Рыгор рыхтаваў сябе стаць ваенным. Ён захапляўся героямі, якія здзейснілі подзвігі ў барацьбе за вызваленне працоўнага народа, узорамі сапраўднага чалавека для яго былі героі Грамадзянскай вайны Чапаеў, Катоўскі і знакамітыя лётчыкі Чкалаў і Громаў, якія праславілі СССР сваімі пералётамі праз Паўночны полюс у США. Рыгор любіў ваенную справу, ездзіў у ваенны лагер, навучыўся выдатна страляць з вінтоўкі і кулямёта, атрымаў значок «Варашылаўскага стралка», што было асаблівым гонарам у той час для кожнага савецкага юнака. У канцы 30-ых гадоў міжнародная абстаноўка складалася неспрыяльна для СССР, наспявала новая сусветная вайна. Камсамол звярнуўся да моладзі краіны з заклікам дабраахвотна ўступіць у рады Чырвонай арміі, першым хто адгукнуўся на заклік Сочынскага гаркама камсамола быў Чакмянёў Рыгор Анатольевіч, якому на той час споўнілася 18 гадоў.

У мясцовым ваенкамаце Рыгор папрасіў накіраваць яго на службу ў артылерыю, але службу салдат пачаў у школе наводчыкаў.

Праз два гады службы старэйшы сяржант Чакмянёў зайшоў у той самы ваенкамат, дзе яму прапанавалі стаць начальнікам ваенізаванай аховы, а ў сярэдзіне 1940 г. яго тэрмінова выклікалі ў ваенкамат і накіравалі на вучобу ў Растоўскае артылерыйскае вучылішча. Менавіта там і застала яго вестка аб пачатку вайны.

Камандаванне вучылішча, дзе праходзіў вучобу Чакмянёў, атрымала загад сфарміраваць асобныя артылерыйскія палкі з ліку курсантаў і направіць іх на фронт. Выпускнікам датэрмінова прысвоілі званне малодшых лейтэнантаў, і яны, прыняўшы пад сваё камандаванне агнявыя артылерыйскія ўзводы, павялі іх у бой на ворага.

У пачатку студзеня 1943 г. Паўночная група войск развівала поспех, дасягнуты ў ходзе перамогі ў Сталінградскай бітве, пачала ваенныя дзеянні. Ва ўсіх бітвах удзельнічаў са сваім узводам старэйшы лейтэнант Рыгор Анатольевіч Чакмянёў.

Летам 1944 года Чырвоная Армія правяла на Усходнім фронце некалькі буйных ваенных аперацый. Адной з самых паспяховых была буйнамаштабная аперацыя «Баграціён». У выніку ад ворага была вызвалена Беларусь. Тут, на Беларускай зямлі каля вёскі Цешаўля, і здзейсніў свой бессмяротны подзвіг старэйшы лейтэнант Чакмянёў Рыгор Анатольевіч.

7 ліпеня 1944 года Р.А. Чакмянёў атрымаў са сваім артылерыйскім узводам і пяхотай баявое заданне перарэзаць чыгунку Баранавічы-Вільнюс, авалодаць вёскай Цешаўля і тым самым блакіраваць дарогу Моўчадзь-Баранавічы адкуль была небяспека атакі нямецкай калоны, якая спяшалася на падтрымку нямецкіх частак, што трапілі ў акружэнне каля Новай Мышы. На досвітку, калі над Мышанкай стаяў туман, савецкія воіны авалодалі чыгункай, а затым знянацку атакавалі немцаў і вызвалілі вёску.

Як толькі разышоўся туман, немцы кінулі ў атаку танкавую калону, вялікую колькасць бронемашын і сотні салдат. Атака ішла за атакай, але артылерысты трапным агнём кожны раз спынялі нямецкі наступ. Колькі было адбіта атак Чакмянёў не памятаў, але наступіў момант, калі яму паведамілі:

–Таварыш старэйшы лейтэнант! Скончыліся боепрыпасы.

Чакмянёў імгненна даў ацэнку сітуацыі і падняў у атаку апошніх застаўшыхся ў жывых шэсць байцоў, якія смела атакавалі ворага. У няроўным рукапашным баі ўсе яны загінулі, але вораг панёс пад Цешаўлям вялікія страты і вымушаны быў адысці ў бок Слоніма.

Калі сюды падышлі савецкія войскі, то ўбачылі падбітымі чатыры танкі і забітымі каля трохсот варожых салдат. Загінуўшыя воіны былі пахаваны ў брацкай магіле № 32 у пасёлку Першамайскі, дзе знайшлі вечны спачын 27 савецкіх салдат, прозвішча сямі з іх і цяпер застаюцца невядомымі.

Вучні школы ўсталявалі цесныя стасункі з жонкай А.Р. Чакмянёва – Ганнай Іванаўнай. Ганна Іванаўна ў 1979 г. змагла наведаць магілу мужа. У сваіх пісьмах жонка героя дзякавала вучням нашай школы за работу па захаванню памяці не толькі пра яе мужа, але і пра ўсіх загінуўшых савецкіх воінаў.

(Больш падрабязна пра баявы шлях узводу А.Р. Чакмянёва можна расказаць пры наведванні брацкай магілы пасёлка Першамайскі. У канцы лістапада 1942 года маладым артылерыстам прыйшлося адстойваць подступы да Растова. Пушкі маладога лейтэнанта Чакмянёва білі па варожай пяхоце, якая рвалася да знакамітага завода «Ростсельмаш». Але ў 1942 г. ворагу ўдалося авалодаць Растовам.

У пачатку студзеня 1943 г. Паўночная група войск развівала поспех, дасягнуты ў ходзе перамогі ў Сталінградскай бітве, пачала ваенныя дзеянні ў абход Маздока. Чацвёрты і Пяты кавалерыйскія корпусы пераправіліся праз раку Кума, захапілі масты і пераправы, а ў хуткім часе авалодалі горадам Георгіеўск. Вораг адступіў. Яго перамаглі пад Маздокам, Нальчыкам, Мінеральнымі Водамі, Стаўраполем. Пачалася бітва за Армавір. А частка конна-механізіраванай групы генерала Кірачэнка наступала на Ціхарэцкую, каб адрэзаць ворагу шлях да Растова. Астатнія дывізіі рухаліся на Сельск, і злучыўшыся з войскамі Паўднёвага фронту вызвалілі Батайск і Растоў. Ва ўсіх пералічаных бітвах удзельнічаў са сваім узводам старэйшы лейтэнант Чакмянёў. Пасля Рыгор Анатольевіч удзельнічаў у баях за Таганрог, Нікапаль, Адэсу.)

Сцяна памяці 

У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў сувязі з будаўніцтвам на тэрыторыі былога парку вясковага Дома культуры, кіраўніцтвам раёна было прынята рашэнне аб пераносе помніка загінуўшым аднавяскоўцам у іншае месца.

Помнік разабралі, а мемарыяльныя пліты з выбітымі на іх прозвішчамі аднавяскоўцаў былі перададзены на захаванне ў школу, дзе паспяхова дзейнічала Зала баявой і працоўнай славы, створаная на падставе паседжання камітэта камсамола ўстановы 18 кастарычніка 1977 г. Там і захоўваліся многія гады мармуровыя пліты, пакуль не знайшлі новага ўвасаблення ў творчай задумцы дырэктара школы В.М. Дубейкі і настаўніка малявання Н.Г. Луцэвіч, дапамагаў у выкананні работы Тасмінскі К.Т., рабочы школы. Так на першым паверсе школы з’явілася «Сцяна памяці» з прозвішчамі загінуўшых воінаў, што і на помніку, як штодзённае напамінанне вучням з мінулага аб жудасах вайны.

Па задумцы аўтараў асноўны фон кампазіцыйнага ўвасаблення – блакітны – колер чыстага неба, жоўта-чырвона-аранжавы захад сонца як бы нагадвае аб крывапраліцці і жорсткасці баёў, чорна-зялёны – колер зямлі, для кожнага роднай і адзінай. Сумотна ляцяць удалеч птушкі, якія сімвалізуюць душы землякоў, якія не вярнуліся з вайны. Колькасць птушак адпавядае колькасці загінуўшых. Вечны агонь, як напамінанне аб шанаванні памяці. Бронзавай фарбай выдзелена кожнае прозвішча ў доўгім спісе.

Мемарыяльная шыльда 

«Ваганняў наконт будучага месца прысвечанай 60-годдзю Баранавіцкага партызанскага злучэння мемарыяльнай шыльды ў ветэранаў не было: вядома, Цешаўлянская сярэдняя школа. Дзякуючы руплівай працы кіраўніцтва, гэтая сельская школа даўно стала асяродкам захавання нацыянальных беларускіх традыцый, а таксама ваеннай спадчыны», – пісала раённая газета «Наш край» у сваім чарговым нумары за 19 красавіка 2003.

У той дзень, у вёсцы Цешаўля, ля будынка мясцовай школы было шматлюдна і святочна – дэлегацыя вэтэранаў вайны і працы Баранавіцкага раёна, настаўнікі і вучні школы, грамадскасць Цешаўлянскага сельскага выканкама – усе яны сталі сведкамі адкрыцця мемарыяльнай шыльды да 60-годдзя Баранавіцкага партызанскага злучэння. На сявяточным мітынгу выступілі старшыня Цешаўлянскага сельвыканкама Генадзь Зянонавіч Шакаліс, намеснік старшыні райвыканкама Іван Іванавіч Стэльмашок. Старшыня раённай вэтэранскай арганізацыі Міхаіл Аляксандравіч Скіпар адзначыў, што мясцовыя жыхары заўжды прыхільна ставіліся да партызанаў, рызыкуючы сваім жыццём, хавалі па хатам параненых: у гэтым краі было нямала тайных партызанскіх шпіталяў. Ён падзякаваў цешаўлянцам за клопат аб захаванні ў належным стане помнікаў героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, дырэктару школы Васілю Міхайлавічу Дубейку – за бездакорную арганізацыю мерапрыемства, а школьнай адміністрацыі – за нацыянальны акцэнт у справе выхавання моладзі. У час свайго наведвання школы ветэранская арганізацыя раёна прыпаднесла калектыву школы падарункі, сярод якіх вымпел і падборка матэрыялаў «04.1943 – 04.2003 60 лет Барановичскому партизанскому соединению».

На разгорнутых крылах анёла.

Ішла стваральная праца па ўзвядзенні новага помніка. Работы былі скончаны ў 1992 годзе, калі і адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Аўтарам праекту стаў заслужаны архітэктар Паўлючык Аляксей Іванавіч, член Саюза архітэктараў Беларусі, жыхар г. Брэста. Актыўнымі ініцыятарамі і выканаўцамі многіх пытанняў былі жыхары нашай вёскі Хаванскі У.М., на той час сакратар парткома саўгаса «Праўда», і Дубовік В.М., дырэктар саўгаса «Перамога», Гаўдзей І.К., галоўны бугалтар эксперыментальнай базы «Цешаўле» Па іх ініцыятыве і пры вялікай падтрымцы Паўлава М.Я., на той час дырэктара завода «Торгмаш» г. Баранавічы была праведзена вялікая пошукавая работа па ўзнаўленню некаторых прозвішчаў і імён загінуўшых. Праектную замалёўку да будучага помніка падрыхтавала жонка архітэктара Паўлючык Тамара Канстанцінаўна, мастак па прафесіі.

Макет помніка быў прадэманстраваны грамадскасці і прайшоў працэдуру зацвярджэння. Затым майстар за даволі невялікі тэрмін, недзе каля паўгода, працаваў над праектам узвядзення помніка ў тым выглядзе, якім мы яго бачым сёння. Увогуле, калі гаварыць аб матэрыяльных выдатах, дык пэўную частку расходаў ўзяло на сябе кіраўніцтва саўгаса «Праўда» і эксперыментальнай базы «Цешаўле», прычым, разлічваліся за работу не толькі грашыма, але, нават, прадуктамі харчавання – грэчкаю і бульбай.

Сама скульптура жанчыны і крылы былі адліты на «Торгмашы», літары для напісання прозвішчаў былі зроблены там-жа з алюмінію. За работу «Торгмаш» разлік не браў, бо яны лічыліся шэфамі ў саўгасе «Праўда» в. Люшнева. Аснова для помніка рабілася на месцы сіламі мясцовай брыгады будаўнікоў, пад кіраўніцтвам прараба Зубіка У.І.. На жаль, не ўсе мары аўтара праекта Паўлючыка А.І. здзейсніліся: планавалася, што сам помнік і дарожка ў парку да яго будзе ўпрыгожана ілюмінацыяй, што надавала б яшчэ большую велічнасць гэтаму месцу.

Стаіць жанчына-маці ў доўгай сукенцы, з распушчанымі валасамі, апусціўшы долу вочы. За яе плячыма разгорнутыя крылы анёла, на якіх увекавечаны прозвішчы загінуўшых жыхароў навакольных вёсак Цешаўлянскага сельскага выканкама, усяго 74 прозвішчы. Кожную вясну на 9 мая, на мітынгу, прысвечанаму гадаўшчыне Перамогі па ўсталяванай традыцыі дырэктарам школы В.М. Дубейка ўзгадваецца кожны салдат, які не вярнуўся з фронту.

Вёска Люшнева. Брацкая магіла.

Скульптура партызана (1963г.) на брацкай магіле.[Кніга Памяць с. 710 ]

Стаіць у задуменні партызан, зняўшы шапку і апусціўшы долу вочы. Глядзіць на мармуровыя пліты з прозвішчамі сваіх сяброў, якія не прычакалі светлага Дня Перамогі. Аб чым ён думае ў гэты час? Можа пра лепшага сябра, з якім дзяліўся апошняй махоркай, а можа пра вясковую жанчыну, якая перавязвала яму раны, калі ён вяртаўся з задання. Ляжаць пад плітамі сябры, ляжаць абаронцы роднай вёскі… І толькі вецер шуміць у голлі векавых дрэў, што акружае брацкую магілу. Толькі вецер тузае партызана за крысо кажуха і просіць не забываць аб мінулым, каб болей такога не паўтарылася.

У вёсцы Люшнева помнік заўсёды быў цэнтрам сустрэч ветэранаў з моладдзю. І не толькі ў Дзень Перамогі. Ля помніка праводзіліся Урокі мужнасці з вучнямі Люшнеўскай васьмігадовай школы. Сюды прыходзілі для прыёму ў акцябраты і піянеры. І гэта сапраўды было кранаюча, калі вучні школы са сцягам піянерскай дружыны, з горнамі і барабанамі праз усю вёску ішлі да помніка. А за права стаяць на варце ля помніка змагаліся не толькі атрады, але і асобныя вучні. Вялікім гонарам лічылася права прыбраць тэрыторыю ля помніка і пасадзіць кветкі. Такое права мелі выдатнікі ў вучобе і актывісты школы. У цяперашні час брацкую магілу даглядаюць валанцёры атрада «Белы ветразь» Цешаўлянскай школы. Яны ж ускладаюць гірлянды і вянкі да падножжа манумента.

У маі 2020 года ля помніка было асабліва мнагалюдна. І гэтаму была прычына. Імя яшчэ аднаго героя, загінуўшага пры вызваленні вёсак, залатымі літарамі было высечана на мармуровай пліце. Прозвішча гэтага чалавека Саакян С.О. Дзякуючы намаганням дырэктара школы Дубейка Васіля Міхайлавіча і родных загінуўшага героя мы ведаем свайго вызваліцеля.

Пасёлак Першамайскі. Брацкая магіла.

Скультура воіна (1963 г.). Ушанаванне памяці 29 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў ліпені 1944г. пры вызваленні навакольных населеных пунктаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў [кніга Памяць с. 720]

Напамінам аб гераічных подзвігах беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны з’яўляюцца помнікі на брацкіх магілах. Такіх помнікаў на тэрыторыі Беларусі вельмі многа. У парку пасёлка Першамайскі знаходзяцца дзве брацкія магілы, загінуўшых аднавяскоўцаў, над імі ўзвышаецца помнік. У адной з магіл захаваны Герой Савецкага Саюза Рыгор Анатольевіч Чакмянёў, які вызваляў вёску Цешаўля і загінуў 8 ліпеня 1944 года пры яе вызваленні.

На высокім пастаменце стаіць салдат у ваенным абмундзіраванні, у руках ён трымае чырвоны сцяг, які прыспушчаны. На пастаменце размешчана і пліта з надпісам: «Герой Советского Союза старший лейтенант Чекменёв Григорий Анатольевич»

Час спыніў свой бег ля абеліска,

Нібы пісьмы, кружацца лісты.

Клён – як сын, які ў паклоне нізкім

Над слупкамі прозвішчаў застыў.

Не да слёз тут і не да гаворкі,

У здранцвенні поўны дум стаіш.

І на міг здалося: побач з зоркай

Засвяціўся яркім срэбрам крыж.

Перазвон званоў і гукі гімна

Велічнай сімфоніяй плылі.

А на сэрцы боль такі нястрымны –

Клікалі герояў жураўлі.

Вёска Цешаўля. Шыльда ў пачатку вуліцы Р. А.  Чакмянёва 

Не толькі помнікі і абеліскі з’яўляюцца яскравым напамінам аб ваенным мінулым нашых гераічных землякоў і вызваліцеляў. Піянерская дружына ДУА «НПК Цешаўлянская дзіцячы сад- сярэдняя школа» носіць імя Р. А Чакмянёва. Галоўная вуліца таксама названа ў гонар героя. Да вайны, успамінаюць мясцовыя старажылы, вуліцу называлі Вялікай. Але пасля вызвалення ад захопнікаў, савет вёскі прыняў рашэнне перайменаваць вуліцу. З вялікай гордасцю жыхары вёскі расказваюць пра подзвіг Героя Савецкага Саюза Р. А. Чакмянёва усім, хто цікавіцца не зусім тыповым прозвішчам.


ЭКСКУРСІЙНЫ МАРШРУТ № 2

«Прыродныя жамчужыны малой радзімы»

 

Мэта маршруту: вывучэнне гісторыі малой радзімы, абуджэнне цікавасці і беражлівых адносін да гістарычных, культурных і прыродных каштоўнасцяў, выхаванне цікавасці і любові да малой радзімы.

Задачы экскурсіі:

фарміраванне экалагічнай і гістарычнай культуры школьнікаў;

правядзенне экскурсійнай работы, даследчай дзейнасці;

прывіццё пачуцця ўсвядомленнасці да праблем зберажэння навакольнага асяроддзя;

фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Турысцка-экскурсійны маршрут – гэта пракладзены на мясцовасці экскурсійны маршрут, разлічаны на навучэнцаў і дарослых знатакоў прыроды і гісторыі. Прызначаны для таго, каб праводзіць вучэбную, асветніцкую і прапагандысцкую работу па аховепрыродна-культурных аб'ектаў, павышаць экалагічную, гістарычную і літаратурную пісьменнасць экскурсантаў.

У аснову трасіроўкі маршруту пакладзена існуючая дарожна-сцяжынкавая сетка. Яна не ўяўляе небяспекі і складанасці для праходжання (не мае стромкіх схілаў, асыпкаў і г.д.). Інфарматыўнасць дасягаецца шляхам апавяданняў экскурсавода. Стварэнне турысцка-экскурсійнага маршруту «Прыродныя жамчужыны малой радзімы» цесна звязаны з праграмным матэрыялам па гісторыі, геаграфіі, біялогіі, сусветнай мастацкай культуры. Галоўнае ў тым, што дзеці авалодваюць уменнямі ўжываць на практыцы веды з розных школьных прадметаў у комплексе, спасцігаючы непарыўнае адзінства прыроднага асяроддзя і дзейнасцю чалавека.

Нітка маршруту – в. Цешаўля, ДУА «НПК Цешаўлянская дзіцячы сад-сярэдняя школа» – лясное ўрочышча Дуброўка – пас.Першамайскі, парк і азёры – в. Цешаўля, ДУА «НПК Цешаўлянская дзіцячы сад-сярэдняя школа».

Назва экскурсійнага маршруту«Прыродныя жамчужыны малой радзімы»

Працягласць маршрута–4,6 км.

Час праходжання маршруту–5 гадзін.

Пешы спосаб перамяшчэння па маршруту.

Рух – пачынаем экскурсію ад Навучальна-педагагічнага комплексу Цешаўлянскай дзіцячы сад-сярэдняй школы па цэнтры вёскі ў бок ляснога ўрочышча Дуброўка, затым у зваротным кірунку рухаемся па пас.Першамайскі, да парку і далей – на азёры і па шашэйнай дарозе ў бок вёскі Цешаўля.

Рэжым карыстання– правядзенне экскурсій, урокаў, навукова-даследчая работа.

Маршрут сязонны– вясна, лета, восень.

Наяўнасць экскурсаводаў на маршруце – настаўнік і навучэнцы Навучальна-педагагічнага комплексу Цешаўлянскай дзіцячы сад-сярэдняй школы (3 чалавекі)

Асноўныя аб’екты маршруту:

Лясное ўрочышча Дуброўка

Парк паноў Абуховічаў, Кабылінскіх і Станкевічаў

Азёры (Каса, Брудар, Кацельнае, Вялікі гніляк, Малы гніляк, Шпакоўскае, Лягушатнік, Канторскае)

СХЕМА ЭКСКУРСІІ

«ПРЫРОДНЫЯ ЖАМЧУЖЫНЫ МАЛОЙ РАДЗІМЫ»

Змест экскурсійнага маршруту № 2 «Прыродныя жамчужыны малой радзімы»

 

Наша вёска Цешаўля размешчана ў паўночна-заходняй частцы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Па расказам старажылаў, існуе некалькі легендаў, якія далі назву вёсцы.

Даўно гэта было. На тым месцы, дзе зараз раскінулася вёска, жылі бондары. Вырабы мясцовых бондараў былі вельмі прыгожыя і даўгавечныя. Яны цешылі вока людзей з усёй акругі, адсюль і назва вёскі – Цешаўля.

Другая легенда звязана з вайной 1812 года. У гэты час быў створаны атрад з чэхаў. Пасля вайны некалькі чэхаў асела ў нашым краі. Людзі паступова пачалі да іх прывыкаць, называлі чэхамі, а месца, дзе яны жылі “чэхам”, а затым – Чэшаўля – Цешаўля.

Трэцяя, больш позняя легенда. Пры Польшчы жыў у нашых мясцінах пан. Багаты быў вельмі, меў свой маёнтак. Імя яго было Чэшаў. Любілі яго вельмі сяляне і месца, дзе ён жыў, пачалі называць “Чэшавам”. Адсюль і Цешаўля.

У тыя далёкія гады вёска наша была невялічкая, мелася толькі адна вуліца. Большая частка насельніцтва жыла бедна. Асноўная маса сялян была малазямельная і беззямельная. Каб пражыць і расплаціцца з падаткамі, сяляне вязлі на рынак свае прадукты працы. Толькі вызваліўшыся ад польскіх памешчыкаў сяляне пачалі новае жыццё. З хутароў, размешчаных вакол вёскі, людзі пачалі перабірацца ў цэнтр. На тэрыторыі вёскі была створана калгасная гаспадарка.

Аб’ект 1. Лясное ўрочышча Дуброўка

У лясным масіве, што размешчаны на мяжы паміж вёскай Шпакоўцы і пасёлкам Першамайскі растуць разнастайныя дрэвы і кустарнікі. Але асноўным дрэвам тут спрадвеку з’яўляюцца векавыя дубы. Таму і назвалі гэты лес Дуброўкай. Мабыць гэта самая трапная назва, якая гаворыць сама за сябе. Урочышча Дуброўка згадваецца ў гістарычных крыніцах графства Мыш яшчэ ў канцы XVIII ст.

У Дуброўцы расце дуб чарэшчаты. Усяго дубоў у лясным масіве 43. Сустракаюцца і асобныя дрэвы на ўскрайку лесу і ў вёсцы. Дубы ўрочышча Дуброўка, якія растуць асобна, вельмі вялікія і магутныя. Больш за ўсё ўражвае дуб, які стаіць крыху ўбаку. Ён самы высокі і тоўсты. Мясцовыя жыхары і дзеці любяць бавіць час ля гэтага велікана.

Гледзячы на яго, узгадваюцца выдатныя радкі нашага песняра Якуба Коласа:

Сілачом стаіць

Дуб разложысты,

І здалёк відаць

Пышны верх яго.

У глыб зямлі ўвайшлі

Карані яго.

Крэпка дуб стаіць,

Не варушыцца.

Комель – слуп-скала,

Дыша сілаю.

А ўгару зірнеш –

Шапка валіцца.

Дуб заўсёды вышэй усіх дрэў, заўсёды цягнецца да святла, бо не выносіць ценю. Разам са старэйшымі школьнікамі было праведзена вылічэнне ўзросту гэтага дрэва.

Акружнасць ствала – 5 м 20 см

Агульная вышыня дрэва – 21 м

Працягласць кроны – 19,5 м

Дыяметр праекцыі кроны – 28 м

Плошча праекцыі кроны – 615 кв.м

Аб’ём кроны – 4040 куб.м

Узрост прыкладна – 178 гадоў

Вось на якія дрэвы-волаты багата наша мясцовасць. Але вернемся да ляснога масіву Дуброўка. Больш за ўсё дубоў знаходзіцца на ўсходнім ускрайку лесу. Дубы тут шумелі не адно дзесяцігоддзе і нават стагоддзе. Шмат розных падзей бачылі яны на сваім вяку.

Праз Дуброўку праходзяць дзве дарогі, абапал якіх таксама растуць дубы. Дубы старыя, аб гэтым сведчаць не толькі іх памер і рост, але і карані, якія выбіліся на дарозе. Яны тоўстыя, як магутныя лапы, моцна трымаюць дрэва на зямлі.

З даўніх пор урочышча Дуброўка мела некалькі прызначэнняў. Па-першае, гэта месца збору грыбоў і ягад. Як расказваюць старажылы вёскі Шпакоўцы, кожным ранкам дзеці і дарослыя хадзілі ў Дуброўку і вярталіся абавязкова з поўнымі кошыкамі крамяных баравікоў. Іх было даволі шмат, асабліва з усходняга боку лесу.

Лес быў улюбёным месцам адпачынку моладзі. Тут ладзіліся маладзёжныя гулянкі, забавы. З заходняга боку былі зроблены прыстасаванні для дзяцей. Доўгі час на тоўстым суку вісела “тарзанка”, якую любілі не толькі дзеці, але і дарослыя.

Калі пачалося будаўніцтва пасёлка Першамайскі, значная частка лесу была знішчана. Але Дуброўка не загінула зусім. Яна і сёння жыве сваім непаўторным жыццём. Шумяць векавыя дубы. Вясной увесь лес пакрыты дываном з пралесак. Іх так шмат, што нават не відаць зямлі. Восенню тут, як і раней, збіраюць грыбы, але баравікоў ужо няма. У асноўным толькі апенькі, сыраежкі, маслякі, сустракаюцца і вешанкі.

Дуброўка – прытулак, дом для некаторых лясных жыхароў. Тут шмат зайцоў, якія робяць частыя набегі на агароды. Любяць жыць у Дуброўцы і дзікі. Можна ўбачыць тут і лісіцу.

Кусты алешніку, крушыны, лазы даюць прытулак шматлікім лясным птушкам: сойкам, сініцам, дзятлам. З нядаўняга часу тут пачалі гняздзіцца шэрыя чаплі.

Па-ранейшаму ў Дуброўцы любяць адпачываць вяскоўцы. Частымі гасцямі ў гэтым лесе бываюць і вучні Цешаўлянскай дзіцячы сад-сярэдняй школы, якія знаёмяцца з раслінным, жывёльным светам і проста любуюцца прыгажосцю і веліччу шматвекавых дубоў. Праводзяцца розныя спартыўныя мерапрыемствы: турыстычныя злёты, арыентаванне на мясцовасці і г.д., а таксама акцыі экалагічнага накірунку.


Аб’ект 2. Парк паноў Абуховічаў, Кабылінскіх і Станкевічаў 

На працягу стагоддзяў вёска Цешаўля ўваходзіла ў склад графства Мыш, якім валодалі паны Хаткевічы, Сяняўскія і Несылоўскія. Графства дзялілася на асобныя фальваркі. Менавіта цэнтрам аднаго з іх і стала наша вёска. У пачатку ХІХ ст. фальварак становіцца асобным маёнткам. Яго ўласнікамі былі паны Абуховічы, Кабылінскія і Станкевічы.

У сярэдзіне ХІХ ст. Кабылінскія заклалі тут парк, рэшткі якога захаваліся і па сённяшні дзень.


Недзе ў канцы ХІХ ст. Кабылінскія пакідаюць баранавіцкі край, а папярэдне свой маёнтак, зямельны фонд якога складаў 1842 дзесяціны прадаюць новаму гаспадару Івану Станкевічу. Той, у сваю чаргу, надоўга ў Цешаўлі не затрымаўся і саступіў правы ўласніка на карысць нейкага Кандрата Мацкевіча, які асеў тут да 1939 года.

Але памяць пра Кабылінскіх жыве, бо яны стварылі тут выдатную сядзібу з цудоўным паркам, рэшткі якога і цяпер вабяць вока мясцовых жыхароў і гасцей вёскі. Звестак пра сядзібу захавалася вельмі мала. Была яна заложана, відаць, у пачатку ХІХ ст. Самыя старыя жыхары вёскі Шпакоўцы і пасёлка Першамайскі з дзяцінства помняць гэты парк і асобныя дубы, што раслі насупраць сядзібы рода Станкевічаў, апошніх уладароў панскага двара Цешаўля. Сядзіба ўяўляла сабой аднапавярховы дом з цэглы, з балконам і высокім чатырохсхільным дахам. Дом быў акружаны пейзажным паркам, значная частка якога была высечана пры будаўніцтве пасёлка Першамайскі. Засталася толькі алея, абсаджаная ліпамі і дубамі.

Карэнная жыхарка пасёлка Першамайскі Мазура Тамара Міканораўна, побач з домам якой растуць у рад сем дубоў, расказвае, што яшчэ малой дзяўчынкай збірала жалуды пад гэтымі дубамі як на корм жывёле, так і для прыгатавання смачнай кавы. Таму і гэтым дубам больш 100 гадоў. Тамара Міканораўна распавядае, як яе бабуля расказвала пра тое, што яна разам з сяброўкамі любіла назіраць за прагулкамі па Дуброўцы паненак, панічак у прыгожых доўгіх сукенках, шыкоўных капелюшах, пад карункавымі парасонамі. Паненкі прыхіляліся да дубоў, абдымалі іх і доўга стаялі, закрыўшы вочы. Існуе павер’е, што дуб дае сваю сілу, моц, здароўе тым, хто аб гэтым у яго папросіць. Але прыходзіць да дуба трэба толькі з добрымі намерамі і думкамі.

Перад апошняй вайной сядзібныя пабудовы мелі ўжо занядбалы выгляд. Сядзіба займала вялікую, злёгку ўзвышаную, маляўнічую тэрыторыю. На галоўнай восі размяшчалася ўяздная ліпавая алея, якая ў паніжэнні змыкалася воднай сістэмай, з якой мы пазнаёмімся крыху пазней. Ад яе адыходзілі бакавыя, таксама ліпавыя, алеі. Адна вяла на гаспадарчы двор, другая – да параднага двара з сядзібным домам. Захаваўся фрагмент вузкай алеі шырынёй 4 м у выглядзе зялёнай сцяны (дрэвы ў радзе пасаджаны праз 0,5 м) даўжынёй 102 м. На месцы баскета з лінейнымі пасадкамі па перыметру размешчаны стадыён. У былой пейзажнай частцы парка ў 1972 годзе ўстаноўлены абеліск, які ўшаноўвае памяць аб земляках, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пейзажны парк займаў 10 га.

Асноўны дрэвастой рэшткаў пейзажнага парку складаюць мясцовыя пароды. Каб захаваць астатнюю частку парку яе неабходна ўзяць пад ахову.

Каля сядзібы быў вельмі вялікі сад (займаў 35 га) з самым вялікім у рэгіёне пладовым гадавальнікам плошчай 20 га.

Аб’ект 3. Азёры.

Разам з садам вядомасць сядзібе надавала і водная сістэма, якая складалася з васьмі сажалак агульнай плошчай 150 га. Плошча самай вялікай сажалкі была 55 га, самай малой – 4 га. Добра была развіта рыбная гаспадарка. У 1939 годзе ўлоў рыбы (у асноўным карп, у меншай колькасці шчупак, акунь, карась і лешч) складаў 62 тоны.

Возера цi рэчка, будзь яны вялікія, цiзусім маленькія, аказваюць значны адбітак на тую мясцовасць, дзе знаходзяцца, фарміруюць асаблівае жыццё людзей iзастаюцца ў памяці не аднаго пакалення.

Панскія сажалкі мелі змешанае жыўленне. Па-першае, гэта падземныя крыніцы, якія размяшчаліся ў вялікай колькасці на паўночна-усходнім i ўсходнім берагах. I зараз, калі расхінуць прыбярэжны лазняк, то відаць як праз травяністую расліннасць б’е невялiчкi струменьчык, i вада тут не перасыхае ў самае засушлівае лета.

Асноўны прыток вады адбываўся ў час таяння снягоў. Вада сцякала з прыбярэжнай мясцовасці, асабліва вялікім патокам яна ішла з Mіраеўскага лесу, які размяшчаўся поўнасцю на ўзгорках. Вады ў азёрах станавілася так шмат, што капалі ўручную канавы. Збіраліся мужчыны з навакольных вёсак Цешаўля, Шпакоўцы нават з в. Уцёс. Пан плаціў 2-3 злотых за дзень. Аплата залежала ад выкапаных метраўкубічныхканавы. З 1911г. памесце належала Івану Станкевічу. Як ужо гаварылася раней, водная сістэма складалася з 8 сажалак, агульнай плошчай 150 га. Плошча самага вялікага вадаёма– 55 га, а самага малога– 4 га. У азёрах пан разводзіў рыбу. У асноўным гэта быў карп, але акрамя гэтага тут было шмат шчупакоў, лінёў, карасёў, ляшчоў.

Пры выхадзе саШпакоўскага возера на паўночна-заходнім беразе стаяў шлюз, які называлі “манах”. А быў ён зроблены з дошак-пяцёрак. З бакоў яго абмазвалі глінай, каб не прасочвалася вада. Пан трымаў вартавога,які сачыў за тым, каб вяскоўцы не лавілі рыбу ў возеры. Восенню ваду спускалі па канаве ў штучныя азёры, а рыбу вылоўліваліiгрузіліў вялікія бочкі. Дзве такія бочкі ставілі на воз, запаўнялі рыбай, залівалі азёрнай вадой. А для таго, каб сяляне, якія везлі рыбу, не змаглі яе ўзяць, бочка зверху закрывалася жалезнай рашоткай, iпан ставіў пломбу, на якой была панская пячатка. Вазы вераніцай цягнуліся на чыгуначную станцыю Міцкавічы, дзе бочкі грузіліся ў вагоны i адпраўляліся ў Варшаву і нават у сам Парыж. Па гэтай прычыне і па сённяшні дзень існуе неафіцыйная назва пасёлка Першамайскі – Парыж.

Акрамя гэтага, на азёрах у прыбярэжным aipы, чароце жылі дзікія качкі. Часта пан, калі да яго прыязджалі госці, палявалі на ix. Сюды прывозілі лодкііпачыналася паляванне. А дзеці, па ўспамінах, лазіліў зараснікі паназіраць, як качкі сядзелі на гнёздах.


Лес, які з заходняга берага возера быў даволі стары, актыўна высякаўся. Да 1939 г. ён быў высечаны напалову.

Вось з гэтага заходняга берага і пачалося актыўнае забалочванне азёр.

У той час, каб павысіць ураджайнасць палёў, актыўна ўносіліся мінеральныя ўгнаенні. У час дажджоў, паводкаў вада зносіла ў азёры вялікую колькасць гэтых угнаенняў, што, як лічаць многія жыхары вёскі, і паслужыла актыўнаму росту балоцістай расліннасці, якая густа заплятала заходні, паўднёва-заходні берагі азёр. I ўжо к 50-60 гадам толькі ўсходняя частка азёр была яшчэ чыстая.

Азёрыігралі значную ролю ў гаспадарчай дзейнасці жыхароў вёскі. Кожны гаспадар вёскі засяваў невялічкі кусок свайго поля каноплямі. Вырасшыя каноплі ўсе вяскоўцы мачылі ў азёрах, каб валокны размоклі. Яны ляжалі ў вадзе 2 тыдні, затым іх сушылі, церлі і рабілі так неабходныя ў гаспадарцы вяроўкі, вожжы, вужышчы. А вясной жанчыны на беразе ўздоўж азёррасцілалі палатняную тканіну для адбельвання. 3 яе потым шылі адзенне. Шмат цудоўных масцярыц было ў вёсцы Шпакоўцы, якія ткалі прыгожыя рушнікі, посцілкі з ільняных нітак. I зараз у некаторых з іх захаваліся гэтыя вырабы.

Паступова балоцістая частка возера Шпакоўскае ператварылася ў тарфяное балота. Торф вазілі на палі як угнаенне, а мясцовыя жыхары сталі выкарыстоўваць яго для паліва. Яго капалі спецыяльнай прыладай-разаком. Глыбіня, на якую капалі тарфяную яму, даходзіла да 2 м. Затым яма хутка запаўнялася вадой. Торф сушылі на беразе. Складвалі яго ў кубікі. Па ўспамінах Іваноўскай Б.А., Станкевіч В.А., Пошва М.В., торф вельмі доўга гарэў. Яго запасалі на ўсю зіму. I зараз з паўднёвага берага возера вельмі шмат тарфяных ям, да верху запоўненых вадой, якая не высыхае.

У 70-80 г. азёры сталіактыўна зарастаць па ўсяму перыметру. Невялікая незаросшая прастора заставалася пасярэдзіне, дзе жылі дзікія качкі, якія ўздымаліся над вадой і ляцелі ў невядомым накірунку. I на паўднёвым беразе доўгі час была невялікая мясціна не заросшая чаротам. Але вада тут ужо не была чыстая. Зараз і гэты невялічкі кусочак азёр паступова зацягваецца рагозам. I сталінекалі цудоўныя, чыстыяазёры зялёным масівам з чароту, рагозу, вербалозу.

А на заходнім беразе паўстаў сапраўдны лясок з тонкіх бярозак. Бярозкі яшчэ маладыя. Але пройдзе зусім не шмат гадоў і, мабыць, ізноў тут паўстане лес, як шмат гадоў таму назад, але будзе ён ужо не сасновы, а бярозавы.

Заўжды, нават у спякоту, калі падыходзіш да гэтай забалочанай мясцовасці, адчуваеш свежы подых, нейкую празрыстасць у паветры і разумееш, што азёры яшчэ не загінулі.

Не загінулі яны яшчэ таму, што сталі прытулкам для мноства птушак. Вясной у прыбярэжных зарасніках, як толькі спускаецца прыцемак заліваюцца салаў’і. Знайшлі тут сваё месца дразды, шпакі.

Дзесьці пасярод азёржывуць шэрая чапля, краква, звычайны канюк, вераб’іны сыч. Ля берагоў сустракаюцца чароткі шэрых курапатак. Любяць гэтыя мясціны шэрая варона і сойка.

А восенню над заросшымі азёрамі сцелецца белы-белы густы туман і здаецца, быццам бы вялікае воблака адпачывае тут, хаваючы нейкую таямніцу.

У 70-х гадах частку азёр у пас. Першамайскім пачалі чысціць, але чамусьці ўсё было спынена.

А азёры не хочуць зусім знікаць і на паўднёва-заходнім беразе б’юць яшчэ крыніцы, якія давалі ім жыццё і бяжыць вада ў пракапаную канаву.


 

Разделы сайта