15 лютага 1989 года ўвага жыхароў вялiкай дзяржавы – Савецкі Саюз – была прыкавана да экранаў тэлевізараў. Ішоў рэпартаж, прысвечаны вываду апошняй калоны савецкіх войскаў з Афганістана.
Гэта вайна доўжылася ў два разы даўжэй, чым Вялікая Айчынная – 9 гадоў і 11 месяцаў. Тады гэта называлі “выкананнем інтэрнацыянальнага абавязку”. Сёння – незагойная рана.
Афганская вайна – ужо гісторыя, але доўга яшчэ будуць трывожыць нас галасы загінуўшых і жывых.
Каб успомніць падзеі афганскай вайны, каб уславіць тых людзей, хто з гонарам выканаў свой воінскі абавязак да канца, быў верны воінскай прысязе, чыё юнацтва апаліла вайна і жаркае афганскае сонца, была арганізавана экскурсія ў музей, які носіць імя Сцяпана Богуша на базе Мірнаўскай сярэдняй школы.
Мэта: фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму.
Задачы: абагульніць, замацаваць і сістэматызаваць веды пра падзеі ў Афганістане; акцэнтаваць увагу на неабходнасці захавання памяці пра “забытую вайну” і павагі да яе ветэранаў; садзейнічаць выхаванню пачуцця патрыятызму, павагі да воінаў-інтэрнацыяналістаў нашых землякоў.
Усё далей ад нас адыходзяць гады вайны ў Афганістане. Але засталіся тыя, хто можа падзяліцца ўспамінамі аб падзеях той жудаснай вайны. Тым даражэйшымі становяцца гэтыя ўспаміны, больш цвёрдаю ўпэўненасць, што неабходна захаваць гэтую памяць… Памяць як рэліквію… Рэліквію, якую можна перадаць у спадчыну дзецям, унукам.