20 лютага ў пачатковых класах Цешаўлянскай сярэдняй школы прайшоў турнір “З любоўю да роднай мовы”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
Да мерапрыемства была змястоўна і цікава аформлена дошка, дзе былі размешчаны плакаты, карткі з прадметнымі малюнкамі і карткі з адпаведнымі словамі, партрэты беларускіх паэтаў з выказваннямі аб роднай мове і іншы дыдактычны і займальны матэрыял.
У час правядзення мерапрыемства вучні 3 і 4 класаў з задавальненнем чыталі вершы беларускіх паэтаў, з цікавасцю разгадвалі крыжаванку “Школьны дыктант”, адгадвалі разнастайныя загадкі, прымалі актыўны ўдзел ў гульнях “Скажы наадварот”, “Хто прыдумае самае доўгае слова на пэўную літару”, збіралі са слоў прыказкі і разважалі над іх сэнсам, вучыліся правільна чытаць скорагаворкі, называлі гукавы склад слоў. У канцы мерапрыемства пачаткоўцаў наведалі вучні 6 класа і ўручылі ім падарункі: малюнкі дзяцей у беларускіх нацыянальных касцюмах і памятныя закладкі.
Такім чынам, мерапрыемства садзейнічала паглыбленню ведаў малодшых школьнікаў па асобных раздзелах, узбагачэнню іх слоўнікавага запасу, развіццю інтэлектуальных магчымасцей вучняў, іх творчых здольнасцей; выхаванню любові і павагі да роднай мовы і цікавасці да яе вывучэння.


